• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста і рэстаратара Івана Мураўёва асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, Івана Мураўёва асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вырак быў агучаны раніцай у панядзелак.

    Справу ў Мінскім гарадскім судзе разглядала суддзя Алена Шылько, на рахунку якой ужо немалая колькасць “палітычных” працэсаў. Падсудны да агучвання канчатковага вердыкту заставаўся ў СІЗА №1 Мінска.

    Івана Мураўёва затрымалі ў верасні 2022 года, праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем разам з іншым зняволеным журналістам Яўгенам Меркісам. Мяркуецца, што падставай для крымінальнай справы стала супраца бізнесмена-універсала з тэлеканалам “Белсат” у якасці відэааператара-фрылансера.  

    Да таго Івана Мураўёва з напарнікам затрымлівалі 11 жніўня 2020 года, калі ён вёў здымкі на вуліцах Мінска на замову расійскага тэлеканала “Звезда”. Амапаўцы выцягнулі мужчын з машыны і заштурхалі ў аўтазак. Калі ў тэлефоне знайшлі фота і відэа з ранейшых акцый пратэстаў, пачаліся допыты і некалькі пакутлівых сутак ізалятара на Акрэсціна. На фоне шоку ад наступстваў гвалту ў саміх прааахоўных структурах і наступнага міжнароднага рэзанансу арыштантаў пачалі выпускаць нават без складання пратаколаў.  

    “У тэлефоне майго сябра яны ўбачылі тое, што ён здымаў папярэдняй ноччу на Пушкінскай плошчы: сярод пратэстоўцаў, ля барыкадаў, – згадваў Іван Мураўёў для спецпраекту “Прэс-клуба”. – У мяне былі проста нейтральныя карцінкі, знятыя днём. Але нас выцягнулі з машыны і запхнулі ў аўтазак. Пачалі біць дубінкамі, нецэнзурна лаяцца. Потым закінулі ў так званы “стакан”, дзе ўжо былі тры чалавекі: у аднаго разбітая галава, ён да яе прыкладваў бел-чырвона-белы сцяг, за які яго ўзялі; другога проста сілком дасталі з машыны; трэці ехаў на ровары па веладарожцы”.

    Тады Івану Мураўёву ўдалося спаўна нацярпецца, але ў выніку абмежавацца збіццём, прыніжэннем і здзекам з боку “карнікаў”. Аднак гэтым разам сітуацыя куды больш сур’ёзная – санкцыя паводле ч. 3 арт. 361–1 КК прадугледжвае да 6 гадоў зняволення. Нагадаем, што паводле аналагічнага абвінавачання 5 гадоў калоніі прысудзілі экс-журналістцы “Белсата” Ірыне Слаўнікавай.    

    Сам Іван Мураўёў казаў, што напісаннем тэкстаў, а таксама фота- і відэаздымкамі займаўся выключна для душы. “Кальянная №1”, якой ён валодае, – культавае месца ў многіх мінчукоў, якое прыносіць нядрэнны прыбытак. Таму медыйная сфера ў якасці заробку не разглядалася апрыёры. Аднак для “ўнутранага драйву” патрабавалася нейкае выйсце лішку энэргіі, якім стала менавіта журналісцкая праца.

    Пераважна Іван Мураўёў кантактаваў з рознымі беларускімі і замежнымі тэлекампаніямі як фрылансер для падрыхтоўкі аператыўных сюжэтаў, але пры гэтым любіў паэксперыментаваць і з мастацкімі формамі. Так, у траўні 2018 года з дапамогай тады яшчэ не надта распаўсюджанага сярод беларускіх журналістаў памочніка ў якасці дрону зняў ролік,  прысвечаны адкрыццю помніка нацыянальнаму герою шэрагу краін свету  Тадэвушу Касцюшку ў Косаве.   

    Чытайце яшчэ:

    Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»

    Працягнулі арышт журналісту і краязнаўцу Сяргею Чыгрыну

    З прытулку сына затрыманай Ларысы Шчыраковай забраў бацька

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці